“Калі ласка, гарбату ў імбрыку”. Солигорчане, говорящие на белорусском языке, рассказали о своём выборе

Сегодня, 21 февраля про всему миру отмечается День родного языка, утверждённый ЮНЕСКО и призванный сохранить культурное многообразие. Белорусская культура и язык сейчас переживают новую волну подъёма: повсюду бигборды с социальной рекламой, люди носят вышиванки, молодёжь пробует говорить на "мове", даже на грядущем "Евровидении" зазвучит песня на белорусском языке. Мы отыскали солигорчан, которые выбрали для себя из двух государственных языков – белорусский, и расспросили, как и почему они пришли к этому.

 

Мікалай Вайцешык, сувязістmikalay

Беларускай мовай я пачаў карыстацца гадоў дзевяць таму, калі яшчэ вучыўся ў школе. Але разуменне беларускасці свайго "я", пытанне нейкай самаідэнтыфікацыі было вырашана раней. Я цікавіўся гісторыяй, культурай, літаратурай па-за межамі школьнай праграмы. Усё гэта было загадзя, а вось фінальнай кропляй стала сустрэча з сучаснымі пісьменнікамі, якая ладзілася на тэрыторыі педкаледжа. Я пачуў мову жыўцом, і гэта мяне натхніла. Пасля да гэтага дадаліся музычныя фестывалі беларускіх гуртоў, рыцарскія фэсты, і маё рашэнне толькі ўмацавалася. То бок, пытанне "чаму?" адносіцца толькі да самога імпульса, да фінальнага штуршка.

Беларускай я карыстаюся збольшага паўсюдна, акрамя працы. І справа не ў адсутнасці тэрміналогіі, а ў тым, што гэта можа адмоўна паўплываць на колькасць абанентаў. Гэта тычыцца нейкіх карпаратыўных устояў. Калі я працаваў як ІП, справаводства ды дагаворы я вёў на беларускай. Проста зараз я не сам сабе начальнік.

У іншым: беларуская. І ў крамах, і на базарах, і ў месцах харчавання, і ў новых знаёмствах. Народ ставіцца да гэтага нават не настолькі станоўча, наколькі звычайна. Ужыванне беларускай мовы на сённяшні дзень - гэта звыклая з'ява. Дзевяць, ды нават пяць гадоў таму вочы ў суразмоўцаў круглелі істотна часцей. Для нармалёвага стаўлення дастаткова проста выразна выказвацца ды не тараторыць. Да прыкладу, у кавярні лепш не замаўляць сабе проста "гарбату ў імбрыку", а казаць: "Добры дзень. Мне, калі ласка, гарбату ў імбрыку". Таму што ў дзяўчат, якія абслугоўваюць наведнікаў, часта і без гэтага моцна забітыя галовы, трэба даваць ім час перастроіцца.

Адказваюць мне людзі па-рознаму. Нехта намагаецца падтрымаць, хоць гэта атрымліваецца часам не зусім якасна, ды суразмоўца, разумеючы гэта, вяртаецца на рускую, каб не пладзіць трасянку. А зрэшты, не так і важліва мова дыялогу. Як бы гэта не гучала, але важлівае ў выніку - гэта думкі ды паразуменне. Можна і на літаратурнай рускай мове не давесці сваю думку, а можна нават пакрыўдзіць. Важлівы сэнс.

На дадзены момант я ўжо рускай карыстаюся горш, бо думкі ўтвараюцца на роднай мове і, каб выказаць іх рускай, патрабуецца час на пераклад. Ды і знаўцы рускай мовы, проста людзі, якія мяне ведаюць даўно, адзначаюць, што ў маёй рускай з'явіўся прыкметны акцэнт. Да, шчэ некаторыя просяць зайсці ў госці, ды проста папіць гарбаты, каб іхныя дзеці пачулі жывую гаворку))) Сапраўды так.

Захоўваць мову, канешне, важліва. Нават калі адкінуць усе відавочныя канфлікты, якія паказваюць па тэлебачанні, мова - гэта адметнасць. Свет, хоць і ўсе мы роўныя, цікавы як раз разынкамі. І трэба іх мець. Мова, як развітасць - гэта рухавік ды паказчык адначасова. Рухавік культуры ды паказчык культурнага ўзроўню народа. Гэта тая спадчына, якую кожны можа перадаць. І яна істотна больш каштоўная, чым матэрыяльныя каштоўнасці ў той самай спадчыне.

yayhenЯўген Герасіменка, інжынер-канструктар

Усе пачалося з таго, што я нарадзіўся ў Беларусі. Але, скажу шчыра, размаўляць па-беларуску пачаў не так даўно. У школьныя гады, напрыклад, размаўляў выключна па-расейску. Прыкладна пяць-шэсць гадоў таму я пачаў пісаць вершы і адразу зразумеў, што лепей атрымліваецца, калі рабіць гэта роднымі словамі. Таму я вырашыў і размаўляць па-беларуску, каб было лягчэй пісаць. Пазней прыйшоў да таго, што гэта нармальны стан чалавека - будучы беларусам размаўляць па-беларуску. Гэта ніякі не подзвіг і не геройства - гэта натуральна, размаўляць на мове краіны, дзе ты нарадзіўся і жывеш.

Нажаль, я не заўсёды выкарыстоўваю родную мову. Я працую па інжынернай спецыяльнасці, таму з калегамі размаўляю па-расейску. Гэтак жа і пасля працы ў інтэрнаце, дома, з некаторымі сябрамі і роднымі, бо звычайна ўжо не атрымоўваецца адэкватна пераключыцца з мовы на мову. Але я стараюся і, не зважаючы на тое, што часам кажу з памылкамі, не саромеюся. Па сутнасці, у кожнай справе галоўнае працаваць над сабой, а калі не спрабаваць, то з памылкамі ці без, поспеху не будзе.

Рэакцыя бывае розная, але часцей за ўсё добрая. Нават калі суразмоўца не ведае, але разумее мяне, то абавязкова павітае, або падзякуе па-беларуску. І адразу на душы цяплей :) Бываюць і недаразуменні, але гэта прыватныя выпадкі.

Я лічу, што паважаць, захоўваць і перадаваць культурныя часціцы свайго народа - гэта заўсёды актуальна, менавіта таму, што гэтым мы адметныя, а галоўнае зразумелыя адзін аднаму! І як сказаў адзін мой знаёмы: “Галоўнае – зразумець, што беларуская мова – гэта не толькі ўрокі ў школе. Гэта асобны і вельмі шырокі свет – добрая літаратура, якасная музыка, цікавыя праекты. І ў гэтым свеце ёсць месца для кожнага з нас.”

andrew

Андрэй Прытуляк, электраслесар

- Так сталася, што шэраг маіх сяброў год 10-13 таму перайшлі на мову, і мне гэта вельмі спадабалася. Пры сустрэчы з імі заўжды гутарыў па-беларуску, а потым ўзяў сабе такую звычку - з носьбітамі мовы размаўляць на роднай мове. І толькі год таму, пасля вандроўкі па Грузіі, вырашыў паўсюдна - і дома, і на працы, і з сябрамі, і ва ўстановах - карыстацца гэтым цудам.

Як нарадзіліся дзеці, мова гучыць штодня ў выглядзе калыханак, казак, вершаў, баек, паэм і расказаў. Малыя ўспрымаюць беларускае слова як мае быць, самі вывучаюць новыя словы, спяваюць песьні. На дапамогу прыходзяць бабулі і дзядулі, якія выхоўваліся ў вясковых умовах і самі добра і каларытна валодаюць мовай.

Каханая мая размаўляе па-расейску, але мяне гэта не напружвае. Блізкія і родныя першапачаткова смяяліся і жартавалі, не разумелі і спынялі, але зараз усё змянілася ў пазітыўны бок.

Рэакцыя незнаёмых людзей самая разнастайная: некаторыя быццам паглохлі "Што? Што-што? Ні слышу, павтары?" Нехта: "Ты што беларус?" Хтось: "Апазіцыянер, БНФ?" А другія адразу ўзгадваюць словы, каб хоць як-небудзь больш-меньш правільна адказаць на мове. Астатнія просяць: "Гавары на рускам, а то я вапшчэ ні панімаю!". Карацей спачатку было складана, а зараз нават увагі на гэта не зьвяртаю. Адзінае што магу сказаць, што адчуваць сябе стаў значна лепш сярод людзей, нібы больш бадзёра, пазітыўна, светла і радасна. Не ведаю чаму, але гэта факт. Асабіста для мяне!

Чытаючы нашых неўміручых пісьменнікаў разумею, што я не ведаю мовы. Не ведаю так, як вінен, як бы мог. І гэта і ёсць праблема з якой нам ці жыць, ці выпраўляць. Мой шлях - вывучаць мову, а значыць і захоўваць, і вучыць дзетак сваіх, каб праз іх і далей мілагучна гучалі слова роднае мовы.

Аддзел навінаў "Электроннага Салігорску"