Будаўніцтва лядовага палацу, прымеркаванае менавіта да году здароўя і юбілею Салігорску, можа перашкодзіць адкрыцьцю новай мэдычнай установы.
Адміністрацыя гораду настройвае на тым, што паліклініка ў склаўшайся сытуацыі не патрэбна, аднак галоўны лекар адмаўляецца падпісаць дакумант, які пацьвярджае падобную выснову. Яшчэ ў 1999-м годзе было заплянавана адкрыць новую паліклініку ў 12-м мікрараёне, насупраць крамы "Сонечная".
Сёлета тэрмінова былі ўнесеныя карэкціроўкі на мясцовым узроўні – вырашылі збудаваць замест лякарні дом для трэнэраў і пэрсаналу "Салігорск-Арэны".
Алімпійскі камітэт са згоду галоўнага архітэктара Вольгі Кругловай і старшыні райвыканкаму Аляксандра Рымашэўскага замовіў праект дома, які вясной быў выкананы.
Менскія інжынэры і архітэктары праект не прынялі, бо месца зарэзэрвана для гарадзкой паліклінікі. Варта ўдакладніць, што выбар месца залежыць ня толькі ад тэхнічных паказчыкаў, напрыклад шчыльнасьці грунту, але і ад усталяваных нормаў горадабудаўніцтва. У сукупнасьці з шэрагам патрабаваньняў розных заканадаўчых актаў і геалягічных умоваў іншага месца для мэдычнай установы знойдзена не было.
Кіраўніцтва гораду ў дадзенай сытуацыі вырашыла скарыстацца ўласным высокім становішчам і паўплываць на галоўнага лекара ЦРБ(цэнральнай раённай бальніцы) Аляксандра Лапусту, каб ён напісаў ліст у "Менскгражданпраект" з тлучачэньнем адсутнасьці неабходнасьці будаўніцтва яшчэ адной паліклінікі. Нягледзячы на тое, што Лапусту не аднойчы выклікалі да Рымашэўскага, ліст так і ня быў напісаны.
Бо відавочная патрэбнасьць існуе – згодна з нарматыўнымі актамі і рэальнай сытуацыі ўвядзеньне ў эксплюатацыю новай лякарні мусіла адбыцца ўжо некалькі год таму.
Для статысячнага гораду колькасьць наведваньняў за суткі, на якія мусяць быць разьлічаны ўсе мэдычныя ўстановы, мае складаць 2400 чалавек, на дадзены момант яна не перавышае 1500.
Напрыклад, ЦРБ сплянавана на 650 наведвальнікаў, дзіцячая паліклініка на 450, а жаночая кансультацыя на 70. Тое, што рэальныя лічбы пацыентаў перавышаюць нормы ў дзясяткі разоў, вядома. У той жа жаночай кансультацыі замест 70 у дзень прыходзіць больш за 400, не гаворачы пра бальніцу і дзіцячую паліклініку.
Другое патрабаваньне, якое ўтрымліваецца ў правілах забудовы населеных пунктаў, гэта адлегласьць установы ад патэнцыйных наведвальнікаў – ня болей за 1 км.
(СНБ 3.01.04-02, пункт 7.4.10) То бок, у Салігорску дзіцячая паліклініка і бальніца мусяць абслугоўваць толькі палову насельніцтва (гл. інфаграфіку). Неадпаведнасьць усталяваным правілам можна назіраць штодня – яна выяўляецца ў велізарных чэргах і агульным паніжэньні якасьці аказваемых паслуг.
Аляксандр Лапуста адмовіўся пракамэнтаваць сытуацыю вакол будаўніцтва новай паліклінікі. Галоўны лекар параіў зьвярнуцца ў аддзел архітэктуры выканкаму і дадаў, што "не займаецца будоўляй" і наагул, першы раз чуе такую інфармацыю.
Тэлефанаваньне ў выканкам не дапамагло, бо галоўны архітэктар Вольга Круглова ў адпачынку, а яе намесьнік на курсах у Менску, астатнія супрацоўнікі інфармацыяй не валодаюць.
Такім чынам, атрымоўваецца парадаксальная сытуацыя: адзін праект, прысьвечаны году здароўя, замінае іншаму. Дзівіць і лёгіка мясцовых уладаў, калі яна грунтуецца на банальнай прынцыповасьці даводзіць усё да канца і не карэкціраваць уласныя пляны. Аднак калі справа будаўніцтва мэдычнай установы ўпіраецца выключна ў фінансавыя магчымасьці гарадзкога бюджэту, дык паўстае пытаньне прыярытэтнасьці разьмеркаваньня сродкаў.
BulletinOnline.org
{mos_fb_discuss:2}