У той час Салігорск уяўляў сабой невялікі гарадок, забудаваны адна- і двухпавярховымі першымі жылымі дамамі з Домам культуры будаўнікоў і будынкам першай сталовай. Вакол жылгарадка, як тады называлі Салігорск, разгарнулася будаўніцтва новых кварталаў, вуліц і дарог.
Першая галоўная навагодняя ёлка ў гісторыі Салігорска ўстаноўлена ў Клубе будаўнікоў будаўнічага трэста № 3, тут жа адбыўся і першы навагодні баль-маскарад. Пра гэтую адметную ў жыцці Салігорска падзею паведамляе газета Салігорскага калійнага камбіната і будтрэста № 3 "За коммунистический труд" ад 9 студзеня 1960 года. "У святочныя агні адзелася навагодняя ёлка, устаноўленая 31 снежня ў файе Клуба будаўнікоў. На сустрэчу Новага года сюды прыйшлі сотні жыхароў пасёлка. Першая ёлка ў новым клубе! Зайграла музыка. Вакол ёлкі закружыліся пары. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці далі навагодні канцэрт."
Пра першую галоўную ёлку горада, размешчаную на вуліцы Ленінскага Камсамола, расказвае Тамара Фёдараўна Слабуха, адна з ліку першабудаўнікоў і першых жыхароў горада Салігорска: "У той час я жыла ў маладзёжным інтэрнаце адразу за Клубам будаўнікоў. Навагодняя ёлка была ўстаноўлена на пляцоўцы перад Клубам, з левага боку ад цэнтральнага ўвахода. Безумоўна, для нас Новы год на новым месцы жыхарства быў вельмі адметнай падзеяй.
У сярэдзіне 60-х гадоў амаль на гэтым жа месцы, толькі на ўскрайку газона, была пасаджана маладая высокая ёлка, якую пачалі выкарыстоўваць як навагоднюю. Але нядоўга. Пад канец 60-ых гадоў адным з жыхароў горада яна была спілавана. У гэты ж час навагоднія ёлкі ўстанаўлівалі на пляцоўках перад кінатэатрам "Салігорск" і ў дварах сярэдніх школ."
Першая навагодняя ёлка на цэтральнай плошчы Салігорска была ўстаноўлена ў 1968 годзе, у год адкрыцця Палаца культуры. Яна была прывезена з Чырвонаслабодскага лясніцтва. Навагодняя ёлка была ўпрыгожана гірляндамі, якія падключаліся з Палаца культуры. На першай галоўнай ёлцы горада лямпачкі на гірляндах не мільгацелі, а толькі ззялі. Гэта ўжо на другі год гірлянды на навагодняй ёлцы падключылі праз праграмнае ўстройства, і яны пачалі мільгацець па зададзенай праграме.
На вуліцы быў устаноўлены рупар. З радыёвузла Палаца культуры на цэнтральную плошчу Салігорска трансліравалася музыка і навагоднія перадачы, якія вёў Аляксандр Мікалаевіч Радзько.
З 1968 па 2006 годы галоўная ёлка горада ўстанаўлівалася на цэнтральнай плошчы Салігорска не ў яе цэнтры, а бліжэй да гарвыканкама, насупраць цэнтральнага ўвахода ў Палац культуры. Ёлка ставілася ў металічную трубу, забетанаваную ў грунце, і мацавалася на расцяжках.
Са снежня 2005 года атрыбутам навагодніх святаў на цэнтральнай плошчы Салігорска, акрамя галоўнай ёлкі горада, стала грандыёзная постаць штучнага Дзеда Мароза, на даху цэнтральнага ўвахода ў райвыканкам. Штогод яго ўстанаўліваюць работнікі камунальнай службы горада.
У снежні 2007 года ўпершыню ў Салігорску галоўная навагодняя ёлка на цэнтральнай плошчы горада ўстанаў- ліваецца зборна-каркаснай і ў яе цэнтры. На металічным двух"ярусным каркасе вышынёй 19 метраў размяшчаецца 120 жывых ёлак розных памераў.
Двух"ярусны каркас галоўнай салігорскай навагодняй ёлкі выкананы па аналагу Мінскай разборнай ёлкі работнікамі структурнага падраздзялення "Камунальная вытворчасць" СДУВП "Жыллёва-камунальная гаспадарка "Комплекс" у майстэрнях сваёй базы на вуліцы Горкага.
Традыцыйна галоўная ёлка Салігорска ўпрыгожваецца зоркай і дзесяткамі метраў электрагірляндаў, якія мільгаюць па зададзенай праграме ад праграмнага ўстройства, устаноўленага пад ёй.
Галоўная навагодняя ёлка горада ўпрыгожвае цэнтральную плошчу Салігорска на працягу паўтара месяца. Высозная і статная зялёная прыгажуня вабіць вока салігорцаў і гасцей горада. Асабліва прывабнай яна становіцца з наступленнем цемры, калі ззяе сотнямі лямпачак. І колькі б год не прайшло, зялёная прыгажуня на цэнтральнай плошчы горада з'яўляецца галоўным атрыбутам свята.
Уладзімір МАСАКОЎСКІ, газета "Шахцер" .
{mos_fb_discuss:2}