Адной з вядомых устаноў культуры ў Солігорску з’яўляецца Дом культуры “Будаўнік”. Тут вырас да сваёй вядомасці на ўвесь раён хор «Ветэран», а вечарамі там пануе «вольны дух», якім хварэе моладзь. Дзякуючы кіраўніцтву клуба, тут усім ёсць прытулак. Але, напэўна, мала хто ўспамінае гісторыю будаўніцтва клуба і мала хто ведае, што ў Салігорску сёння жыве майстар, якому было даручана падрыхтаваць будынак да прыёму камісіей. Завуць яго Юрась Пятровіч Дубовік. Вось што расказаў 85-гадовы ўдзельнік гэтай гісторыі. «З першага жніўня 1959 года мяне перавялі загадам па Будаўнічаму ўпраўленню выконваць абавязкі майстра і даручылі кіраваць заканчэннем будаўніцтва і перадачай у эксплуатацыю першай сталоўкі і „Клуба будаўнікоў“. Праектанты прадугледзелі над галоўным уваходам у клуб раскладку з чырвонай цагліны „Клуб строителей — 1959“. Дома вечарамі я зрабіў другую раскладку: „Клуб будаўнікоў -1959“.
Першую раскладку нікому не паказваў. Але перад здачай будынка сваёй камісіі гэта высветлілася, бо ўсе праекты выконваліся тады на рускай мове. Камісія аб'явіла, што за самавольства мяне звальняюць з работы. Назаўтра чакаўся прыезд вялікага начальства з Мінска.
З акна майго пакойчыка, які займаў праз дарогу ад клуба, яшчэ да пачатку новага рабочага дня, я ўбачыў некалькі чалавек. Хоць мне абвясцілі аб звальненні, але хутка апрануўся і прыйшоў да клуба.
Сярод начальства быў чалавек добра апрануты, інтэлігентнага выгляду. Калі мяне яму прадставілі, то незнаёмы сказаў: „Я Казлоў Васіль Іванавіч, Старшыня Вярхоўнага Савета БССР, прыехаў паглядзець будаўніцтва“. Калі Казлоў гучна прачытаў „Клуб будаўнікоў“, у мяне затрасліся каленкі. Але Казлоў нечакана пахваліў, што будуем менавіта „беларускае“. Тады ўсе прысутныя сталі гаварыць, як яны стараюцца. Мне палягчала на душы, а прараб Воранаў сказаў, каб я прыступаў да выканання абавязкаў майстра. І на сённяшні дзень клуб красуецца пад беларускім імем. Я ў душы ганаруся гэтым».
Уладзімір Амяльчэня
Юрась Пятровіч Дубовік узводзіў многія будынкі ў горадзе, адзін з іх “Клуб будаўнікоў”