Таварыства ўласьнікаў зьявілася ў глыбінцы

IMG_0666.jpgУ Салігорску пачынаюць адмаўляцца  ад практыкі захаваньня старых мэтадаў і падыходаў да домакіраваньня, якія ўжываліся 30 год таму. Беларусь застаецца адной зь некалькіх постсавецкіх краінаў, дзе не праведзеная рэформа жыльлёва-гаспадарчага сэктару. Для жыхароў суседніх Польшчы ці Летувы звыкла ўтрымоўваць уласныя шматкватэрныя дамы самастойна. Практыка сьведчыць, што самакіраваньне дае лепшыя вынікі ды і прынцып вырашэньня праблем на ўзроўні іх узьнікненьня відавочна больш эфэктыўны. Аднак нягледзячы на адсутнасьць скончанай маштабнай рэформы, ёсьць заканадаўчая плятформа для самастойнага домакіраваньня.

 Нават ня проста ёсьць, а юрыдычна абавязвае жыльлёвыя каапэратывы з больш чым з двума ўласьнікамі прыватных кватэраў арганізоўваць і рэгістраваць аб'яднаньне, ладзіць сходы ды абіраць кіраўніцтва.

Адзінае, што замінае несьці адказнасьць за стан свайго дому – адсутнасьць ініцыятывы й інфармацыі.

Аляксей Пятроў, юрыст па адукацыі, адзін зь піянэраў рэалізацыі на практыцы прынцыпу самастойнага кіраваньня ўласным жытлом у Беларусі. Ягоны дом па вуліцы Кастрычніцкай нічым не адметны – звычайная  "панэльная" шматпавярхоўка. Аднак, жыхары ўжо больш за год як адмовіліся ад паслуг ЖКГ – гэта адбіваецца ня толькі на якасьці рамонтных і прафіляктычных прац, але ёсьць і дальнабачным стратэгічным крокам.

Пачалося з таго, што непасрэдныя заказчыкі дому, "Слуцкія Электрасеткі", у 2001 годзе прапанавалі жыхарам правесьці сход, заснаваць уласнае таварыства і абраць кіраўніцтва. Юрыдычная адукацыя і досьвед працы ў грамадзкай сфэры былі асноўнымі прычынамі абраньня Аляксея на пасаду старшыні.

Падрыхтаваць дакумэнты на рэгістрацыю, правесьці аналіз стану дома, весьці бугальтэрыю і самостойна шукаць пэрсанал – праца ня лёгкая, асабліва тады, калі пачынаеш з нуля. І натуральна, працэс доўгі.

Тым ня менш, ужо на этапе рэгістрацыі і падачы дакумэнтаў у Міністэрства юстыцыі былі пэўныя посьпехі: фармуляр, складзены Пятровым, дагэтуль выкарыстоўваецца новымі таварствамі ў Салігорску і прапаноўваецца як экзэмпляр у мясцовым выканаўчым камітэце.

Паступова таварыства ўласьнікаў прыйшло да высновы: карыстацца паслугамі ЖКГ немэтазгодна ў тым пляне, што якасьць выконваемай працы надта нізкая ды й няма мэханізмаў кантролю і ўплыву на яе.

– Гэта апошні вагон цягніка, так бы мовіць. Матывацыя ў супрацоўнікаў ЖГК выконваць свае абавязкі лепш фактычна адсутнічае. Нізкія заробкі, статус і сыстэма кіраваньня – толькі некаторыя фактары, якія спрыяюць такой сытуацыі, – гаворыць Аляксей.

Але адмовіцца сёньня ад паслуг дзяржаўнай агенцыі ня значыць адразу вырашыць усё праблемы. Хутчэй наадварот, бо пошук пэрсаналу, вядзеньне дакумэнтацыі, іншыя працоўныя ды арганізацыйныя моманты вымагаюць ведаў і практычных парадаў.

Са словаў Аляксея, на гэтым этапе ўзьнікалі думкі вярнуцца да старой сыстэмы абслугоўваньня, хоць і начальства ЖКГ абацяла не прыняць дом на ўлік. Аднак пашанцавала ў тым, што арганізатары таварыства выйшлі на кантакт зь іншымі аналягічнымі аб'яднаньнямі краіны.

Нягледзячы на нізкі ўзровень разьвіцьця дадзенай галіны ў Беларусі, ёсьць матэрыялы прысьвечаныя гэтай праблематыцы, арганізоўваюцца сэмінары, выдаюцца буклеты і створаны адмысловы сайт.(www.tsbelarus.org)

Досьвед менскіх ініцыятываў дазволіў пераадолець пераходны пэрыяд і выйсьці на новы ўзровень. Ды і ў Салігорску зьявілася прыватная фірма, заснаваная адным з такіх жа старшыняў таварыстваў, як Аляксей. "Альтэрнатыва" аказвае паслугі абслугоўваньня вашага дому, але з улікам досьведу арганізацыі самастойнага домакіраваньня і патрэбаў канкрэтнага дому.

Перавага таварыства ўласьнікаў ня толькі ў тым, што можна кантраляваць і непасрэдна ўплываць на якасьць паслуг электрыка ці сантэхніка ды больш апэратыўна вырашаць узьнікаючыя штодзённыя праблемы.

Выбар на карысьць самастойнага домакіраваньня разьлічаны ня толькі на кароткатэрміновую пэрспэктыву.

Таварыства ўласьнікаў ня можа прыносіць прыбытак, але мае свой банкаўскі рахунак. Плацяжы ўсталяваны заканадаўчымі нормамі  ў звычайных памерах, то бок, тыя ж самыя грошы, што і за паслугі ЖКГ. Палова сабраных ад жыхароў сродкаў ідзе на цяперашнія патрэбы, астатнія акамулююцца на капітальны рамонт дому і і падкантрольныя толькі таварыству. У сытуацыі  з ЖКГ палова сродкаў таксама ідзе на капітальны рамонт, але ня вашага дому, а іншых па ўсёй краіне. А стан жыльлёвага фонду такі, што калі час прыйдзе зрабіць вялікія ўкладаньні ў ваш дом (напрыклад, рамонт даху), грошай можа і ня быць.  У дадатак, рыхтуецца рэформа жыльлёва-гаспадарчага сэктару да 2015 году, падобная на тую, якая цяпер  ажыцьцяўляецца ў Расеі: пераход на стопрацэнтную аплату паслуг ЖКГ. У такім выпадку сродкі на маштабныя рамонты трэба будзе шукаць цалкам самастойна, бо дарэформенныя зборы ўлічвацца ня будуць.

На сёньняшні дзень Таварыствы ўласьнікаў не перайшлі на цалкам самастойнае забесьпячэньне  і фінансуюцца зь мясцовага бюджэту. Дакладней, даціруецца розьніцца ў фіксаваных і рэальных коштах. Аднак і тут ёсьць праблемы: фінансаваньне ўвесь час затрымліваецца, тым больш пасьля сьвяткаваньня юбілею горада.

Тым ня менш, малады старшыня поўны аптымізму:

– Мая парада зараз – пераходзіць на такую форму домакіраваньня як мага хутчэй. Тым больш, ужо і ў Салігорску ёсьць людзі і фірма, якая зможа дапамагчы. А чым раней вы пойдзеце на такі крок, тым лепш. Найбольш выгодна гэта рабіць яшчэ да здачы дому ў эксплюатацыю, бо тады ёсьць шанец праверыць, ці зрабіў падрадчык усё згодна з праектам, – дзеліцца парадамі Аляксей Пятроў.

Такім чынам, асноўная выгода самастойнага домакіраваньня – наяўнасьць старшыні дома, які мае непасрэдныя абавязкі і можа больш апэратыўна рэагаваць ў адрозьненьні ад начальніка вялікай арганізацыі ЖКГ. Дарэчы, і матывацыя ў старшыняў ёсьць, бо пасада аплачваецца і часта цалкам замяняе асноўную працу. Па-другое, гэта магчымасьць кантролю і ўплыву на якасьць паслуг, прастора для выбару.Ды і са стратэгічнага пункту гледжаньня такая форма ўласнасьці гарантуе большую падрыхтаванасьць да рэформы жыльлёвай гаспадаркі і непасрэдны кантроль за сваім фінансавым становішчам.

Іван Шыла

BulletinOnline.org

{mos_fb_discuss:2}