Зменена месца правядзення шведска-беларускай імпрэзы ў Салігорску

У рамках Дзён культуры Швецыі ў Салігорску 14 траўня ўпершыню адбудуцца шведска-беларускія літаратурныя чытанні.

Мерапрыемства мусіла праводзіцца ў гарадскім Палацы культуры. Як паведамілі 12 траўня нашаму карэспандэнту ў Пасольстве Швецыі ў Мінску, месца правядзення імпрэзы пераносіцца ў Салігорскую дзіцячую бібліятэку. Як і планавалася, чытанні пачнуцца ў 18.00.

У літаратурнай імпрэзе возьмуць удзел як шведскія, так і беларускія аўтары, сярод якіх Агнета Плеель, Мацей Зарэмба, Азар Махлуян, Дзмітры Плакс, Яніна Арлоў (Швецыя), а таксама Барыс Пятровіч,

Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч, Віталь Рыжкоў і Анка Упала (Беларусь). Удзельнікі імпрэзы будуць чытаць урыўкі з уласных твораў. Весці літаратурную вечарыну будзе Андрэй Хадановіч, беларускі літаратар, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра.

Дні культуры Швецыі праводзяцца ў Беларусі дзевяты год. Акрамя Салігорска, традыцыйныя літаратурныя чытанні адбудуцца ў Мінску і Пінску.

 

Таццяна Гусева,  газета «Інфа-Кур’ер»