Ці зьявіцца новая школа?

 Яе фундамэнт быў закладзены напачатку 1990-х у Салігорску. Чарговая дзесяцігодка атрымала магічны 13-ы нумар. Ці праз тую самую магічнасьць лічбы, ці празь безадказнасьць чыноўнікаў, будоўля не была скончаная, а на тым месцы ўжо ўзьведзеныя некалькі жылых дамоў. Закінутая будоўля стала месцам збору мясцовых алькаголікаў, наркаманаў, а будаўнічыя матэрыялы, са сьведчаньняў жыхароў суседніх гмахаў, вывозіліся ноччу ажно грузавікамі. Незадаволенасьць салігорцаў і відавочная патрэба ў новай школе ўвесь час была тэмай спэкуляцый. Напрыклад, праўладныя кандыдаты ў парлямэнт у 2004-м абяцалі выправіць становішча, як і колішні мэр гораду Ганна Лаўрукевіч, якая цяпер абараняе народныя інтарэсы ў парлямэнце апошняга скліканьня. 


Была і яшчэ адна гісторыя, непасрэдна зьвязаная са школай №13. У 2001 годзе буйнейшыя незалежныя выданьні паведамлялі пра беспрэцэндэнтны выпадак у шахцёрскім горадзе. 

Тады, каля тысячы школьнікаў паставілі свае подпісы пад зваротам да прэзыдэнта з просьбай вырашыць праблему недастатковай колькасьці навучальных установаў і паўплываць на "замарожаную" будоўлю. 

Рэакцыя, са словаў адной з арганізатараў кампаніі – журналісткі Ларысы Насановіч была імгненнай: 

– Ужо на наступны дзень на падпісантаў пачалі аказваць ціск: выклікалі да дырэктараў, былі гутаркі з прадстаўнікамі КДБ і пракуратуры.

– Прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі настойвалі на тым, што й подпісы былі падробленыя. Ды й пасьля "прафіляктычных" размоваў колькасьць пакінуўшых подпіс істотна зьменшылася. Школьнікі ж не спынілі змаганьне за сваё права на адукацыю ў цывілізаваных умовах і арганізоўвалі масавыя раздачы ўлётак. Бацькі навучэнцаў у сувязі зь ціскам распачалі збор подпісаў у абарону школьнікаў – у выніку каля тысячы было перададзена ў выканкам. Адказ: тыя подпісы ня могуць быць прынятымі за сапраўдныя! 

Варта нагадаць, што і з боку ўлады рабіліся пэўныя захады. Ганну Лаўрукевіч выклікалі да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі са зваротам. Пасьля гэтага былая мэр паабяцала сытуацыю выправіць. Адначасова з такімі абяцаньнямі на салігорскім тэлеканале пачалі зьяўляцца рэпартажы пра мясцовых дэмакратычных актывістаў, выступіўшых аднымі з арганізатараў кампаніі. 

Шум той пытаньне пра неабходнасьць увядзеньня ў эксплёатацыю новай установы ня зьняў – яно не губляе актуальнасьць і сёньня. У аддзеле адукацыі нам паведамілі, што новая школа патрэбна: "Колькасьць насельніцтва расьце, расьце і колькасьць жыхароў школьнага ўзросту. Таму пытаньне застаецца адкрытым. Будуецца ж новы мікрараён…". 

Дарэчы, згодна з генэральным плянам забудовы Салігорску, школа мела быць адкрытай замест гандлёвых кропак рынку "Старавакзальны". Галоўны архітэктар гэту інфармацыю не пацьвердзіла: "Першы раз чую! Новая школа зараз не патрэбна. Запытайце ў аддзеле адукацыі. Калі яны нам паведамяць, то мы абавязкова зрэагуем і ўнясем у плян". Дарэчы, словы спн.Кругловай маюць і непасрэднае пацьверджаньне – на месцы былога рынку ўжо два месяцы функцыянуе лядовы палац. 

Непаразуменьні паміж аддзеламі, якія месьцяцца ў адным будынку, дзівяць. А сытуацыя з магчымым будаўніцтвам новай школы нагадвае аналягічную з паліклінікай.У выпадку з мэдычнай установай, на плянуемым месцы пабудовы быў зацьверджаны праект дому для трэнэраў "Салігорск-арэны". 

Рашэньня прымалася на ўзроўні мясцовых уладаў, якія пераконваюць калегаў зь Менску ў адсутнасьці неабходнасьці ўзводзіць новы комплекс. У абодвух выпадках незразумелую пазыцыю займаюць чыноўнікі, адмаўляючы відавочнае і дзейнічаючы не ў інтарэсах салігорцаў. Цікава і тое, што насьпех збудаваная "Салігорск-арэна", безумоўна, неабходна гораду, але… Жартаўлівая тэза "Не лядовы палац для гораду, а горад для лядовага палацу" набывае сэнс і зьмест. 

Адсутнасьць новага будынку школы адбіваецца на перанасычанасьці ўжо існых. У 3-й ці 1-й пытаньне арганізацыі навучальнага працэсу стаіць вельмі востра. 

– У школе зараз дзеці навучаюцца ў тры зьмены. Зараз пяць клясаў у паралелі, некалькі год таму было восем. На паўтары тысячы навучэнцаў толькі два настаўніка гісторыі, якія выкладаюць па тры прадметы. І два выкладчыка фізычнай культуры, – гаворыць навучэнец школы №3 Андрусь Тычына. 

Адмыслоўцы мяркуюць, што эфэктыўныя захады змогуць прадпрымаць толькі людзі, датычныя да сфэры адукацыі наўпрост, а не намэнклятурныя функцыянэры. 

Іван Шыла
BulletinOnline.org

{mos_fb_discuss:2}