Два тыдні па кляштарным раскладзе

 Салігарчанін Павал нядаўна вярнуўся з каталіцкага кляштара , што ў Докшыцах, так бы мовіць, ў свет. Ён правёў там 17 дзён. Жыў, працаваў і маліўся як усе ў брацтве.

"Даволі даўно ў мяне зьявілася жаданьне наведаць кляштар, а па магчымасьці правесьці пару дзён разам з братамі. Знаёмая дала нумар кляштару капуцынаў у Докшыцах. Патэлефанаваў і запытаў ці магу да іх прыехаць. Плянаваў правесьці там тыдзень, ажно так мне там спадабалася што застаўся на 17 дзён. Пасьля вяртаньня сяброўка ўзяла ў мяне караценькае інтэрвію, якое й прапаную вашай увазе."

– Паша, чаму ты ў свае 26 прыняў такое рашэнне: некаторы час жыць ў кляштары?

– Шчыра кажучы, жаданне такое ўзнікла даўно. А зараз я праходжу працэс катэхізацыі і мне не хацелася наведваць нейкія заняткі пры касцёле, а хацелася цалкам апынуцца ў рэлігійным асяродку, працаваць і маліцца разам з братамі.

– Што такое катэхізацыя?

– Гэта вывучэнне пісання, набліжэнне да разумення божага слова. Падчас катэхізацыі чалавек свядома далучаецца да касцёлу, ды да разумення што там да чаго.

– Чаму ты абраў менавіта гэтае месца?

– Гэта атрымалася выпадкова. Распавёў адной ужо сталай верніцы аб сваім жаданні правесці пэўны час ў кляштары, а яна аказалася знаёмай са святаром, што стаіць на чале Докшыцкага кляштара, і дала мне ягоны тэлефон. Я патэлефанаваў, патлумачыў сутнасць справы і атрымаў згоду. Так і апынуўся ў братоў капуцынаў.

– І наколькі ахвотна цябе там прынялі? Ці можа кожны жадаючы патрапіць ў кляштар?

– О, прынялі мяне там вельмі цёпла. Манахі аказаліся вельмі адкрытымі і прыязнымі людзьмі. Насамрэч такой практыкі не існуе, каб яны прымалі да сябе людзей, але, я думаю, калі добра з імі паразмаўляць, то не адмовяць.

– А ў чым адметнасць ордэна капуцынаў?


– Вой, каб так сур’ёзна, ў адпаведнасці з уставам, я нават і не патлумачу, гэта даволі цяжка. Увогуле яны з’яўляюцца адгалінаваннем францішканаў. У іх ёсць свае адметныя малітвы, свае святыя. Хабіт іншы, вопратка манаская ў сэнсе.

– Дык у якім, так бы мовіць, статусе ты знаходзіўся сярод брацтва? Ці быў ты там такі адзін?


– Так , адзін. Увогуле у кляштары жывуць айцы і браты, і яшчэ пастулянты, гэта маладыя хлопцы, якія вырашылі стаць святарамі капуцынаў і рыхтуюцца да навучання. А я быў ні тое ні сёе, і ні трэцяе. Ну, канешне, я больш з пастулянтамі сябраваў.

– Ці адчуваў ты нейкую адмежаванасць ад братоў падчас свайго знаходжання там?

– Па праўдзе кажучы, ў першы дзень падумаў, што так і будзе, але на другі дзень пачалася сумесная праца і мяне сапраўды прынялі вельмі прыязна.

– А на якой мове ў кляштары размаўляюць?

– Па-беларуску.

– Ці ўсе там беларусы?

– Толькі віцэ-правінцыял, галоўны капуцын, і яшчэ адзін брат, галоўны па кухні, палякі. Але яны па-беларуску ўсё разумеюць, а маючы вялікае жаданне, то могуць і сказаць. Увогуле, ты ведаеш пра дранікі прыкол?

– Не.


– Карацей, беларусы дранікі ядуць са смятанаю, а палякі з сочывам (!). Вось калі дранікі згатавалі, дык так яскрава было відаць хто адкуль.

– А па ўзросце, як там?

– Даволі маладыя. Толькі віцэ-правінцыялу каля 50. А пастулянтам, іх там двое было, 17 і 19.

– А колькі братоў?

– Братоў было 9. Мінімальна павінна быць 5. Айцоў ў кляштары больш, чым братоў.

– Апішы, калі ласка, звычайны дзень з жыцця ў манастыры?

– У 6.15 пад’ём, па нядзелях – у 7.15. Малітва. Сняданак. Затым праца да абеду, а перад абедам яшчэ малітва. Спецыяльная, толькі для братоў, яна не ў касцёле адбываецца, а ў асобнай капліцы. Пасля абед і мыццё посуду. Мыццё посуду, вядома, абавязак пастулянтаў (усміхаецца).

– І што, многа посуду?

– Таа-а-к. Там ядуць як у рэстарацыі, з заменай прыбораў і ўсё такое.

– А як кармілі?

– Файна! (Зноў усміхаецца). Там ёсць спецыяльны брат, кухар-гурман, ён смачнае ўсялякае вырабляў, і нават посныя стравы ніякага дыскамфорту не выклікалі.

– А як жа аскетычнасць?

– Зарок беднасці. Максімум, што мае манах, гэта веласіпед. Яшчэ троху вопраткі і мабільны. Кампутар і аўтамабіль не з’яўляюцца прыватнай маёмасцю, належаць касцёлу.

– Дык што там па абедзе?

– Зноў праца. А пятай увечары імша. Вячэра і вольны час.

– Вольны час?!

– Ну так, вядома. Мы шмат ў настольны тэніс гралі (!). Іх віцэ-правінцыял, галоўны капуцын, карацей, заўзяты аматар гэтай гульні, і досыць прафесійна грае. Многія да кляштара яшчэ ўмелі граць, а тут зусім спрактыкаваліся. У нядзелю, калі нельга працаваць, мы вельмі шмат гралі. Файная гульня! Можна яшчэ кнігі чытаць, тэлік глядзець, сатэлітарка там падлучана. Ёсць і інтэрнэт хуткасны безлімітны. Але браты насамрэч да інтэрнэту не заўсёды могуць падлучацца, ёсць там ў іх нейкія абмежаванні. У мяне не было, я заўсёды ў вольны час мог ў сеціве павісець.

– Дык браты, значыць, карыстаюцца інтэрнэтам ў нейкіх сваіх патрэбах?

– Так, карыстаюцца. У іх нейкія свае суполкі, я думаю, там ёсць. Ёсць сайт.

– А што па тэліку глядзяць?


– У прынцыпе ўсё. Але ў асноўным рэлігійныя каналы, ватыканскі, польскі. А пастулянты такім чынам яшчэ і польскую мову вывучаюць, бо яны будуць вучыцца ў Вільні па-польску.

– Ці сумаваў ты па ўсім, што адбываецца за манастырскімі сценамі?


– Не, не сумаваў. Там дні вельмі насычаныя для мяне былі. Ды і часу не было сумаваць. Толькі, можа, па нядзелях троху было. Але там шмат фільмаў ёсць, бібліятэка.

– А якія ў бібліятэцы кнігі, толькі рэлігійныя?

– Не, не толькі.

– А фільмы?

– І фільмы розныя. Я больш цікавіўся рэлігійнымі, таму толькі іх і глядзеў. Але ёсць там гістарычныя, яшчэ нейкія.

– Як самі браты ставяцца да штодзённага людскога жыцця?Ці існуе нейкая бездань паміж імі і нашым жыццём, на твой погляд?

– Не, я не сказаў бы, што нейкая бездань ёсць. Яны цікавяцца звычайным жыццём. Выбарамі цікавяцца. Жарты распавядаюць. Дапамагалі адной прыхажанцы траншыю пад газ капаць. Яны большаць часу нават не носяць хабіты. У звычайнай вопратцы ходзяць. Хабіты апранаюць на набажэнства, ці калі ў горад выходзяць. Хаця і ў горад часта ў звычайным ідуць.

– Што табе запомнілася ці ўразіла больш за ўсё?

– Уразіла, канешне, іх адкрытасць. Тое, што яны такія камунікабельныя, шчырыя. Бо я раней думаў, што манахі больш такі пахмурны народ. Уразіла яшчэ і тое, які аб’ём працы яны робяць. За тыя 17 дзён, што я правёў разам з імі, яны рамантавалі вялікую капліцу ў вёсцы Гняздзілава. Яна прыкладна сем метраў на сем, там і падлогу насцілалі і ўсё астатняе. І яшчэ ўсталёўвалі помнік Яну Паўлу ІІ, гэта ўжо на тэрыторыі кляштара. Там сапраўды шмат працы з помнікам было, бо будавалі такую нішу, у якой павінна быць усталявана постаць. Былі і смешныя моманты, прыкладам, сядаем за стол, а я кажу: “Брат, не сядайце на куце, не ажэніцеся”. Тут разумею, нешта не тое сказаў, бо ў іх жа цэлібат, ну, пасмяяліся.

– Ці адбываюцца нейкія змены ў тваім светапоглядзе ў выніку жыцця з манахамі і увогуле ад працэсу катэхізацыі?

– Вядома, адбываюцца. Значна лепей стаў разумець вучэнне Хрыста.

– Як гэта праяўляецца ў тваім штодзённым жыцці?

– Стараюся ўсё больш і больш жыць ў адпаведнасці з пісаннем.

– Якія ўражанні ў момант, калі пакідаеш манастырскія сцены? Ці не хочацца пусціцца ва ўсе цяжкія?


– Не, наадварот, з’явілася упэўненасць".

Інтэрвію брала Дар'я Фядотава, інтэрнэт-партал "Твой стыль"
{mos_fb_discuss:2}