Наканавана лёсам - выжыць. Аповед Алёны Кузьмінічны Васюкевіч, якую пакiнулi ў лесе на 2 днi

Мы на парозе 75-годдзя Вялікай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі. Страшна слухаць аповеды сведак тых гадоў, яшчэ страшней уяўляць сваё жыццё ў тыя часы. Паўднёвая Салігоршчына з першых гадоў стала партызанскай зонай. У выніку гэтай рэчаіснасці многія вёскі былі спалены, жыхары растрэляны. Калі вёскі ажывалі, нямецкія карнікі вярталіся зноў. Тады жыхары ўцякалі, шукаючы прытулак у лясных урочышчах, куды не маглі трапіць карнікі.

Вось аповед сведкі таго часу: "Завуць мяне Алёна Кузьмінічна Васюкевіч. Нарадзілася, згодна паперак, у вёсцы Даманавічы 5-га сакавіка 1944 года. Маму звалі Настаса, а бацьку – Кузьма. Да гэтага часу бацька быў партызанам.

У бацькоў я была першым дзіцем, якому радуюцца ўсе бацькі. Не прайшло трох месяцаў пасля майго нараджэння, як на вёску ў каторы раз зноў сталі наступаць немцы, жыхары вёскі кінуліся ўцякаць. Адзіны паратунак – непраходныя балоты і цёмны лес. Мама схапіла мяне і разам з другімі пабегла. Нехта даў каманду ўцякаць на "Востраў". Гэта ў лесе такая выспа, вакол якой непраходныя балоты. На выспу маглі трапіць людзі, якім вядома сцежка. Усе беглі туды. Але маме ступіць на сцежку не дазволілі, бо на руках было дзіця, якое выдавала сваім плачам месца знаходжання людзей. Тады мама вярнулася трошкі назад, зняла з сябе спадніцу, з якой зрабіла мне люльку, павесіла ў куст арэшніку, а сама вярнулася на "Востраў". На трэці дзень людзі пакінулі "Востраў". Мама доўга шукала той куст з дзіцем, але не знайшла, лес вялікі. 

vasukevich 1

Прайшло некалькі дзён, маме перадалі навіну, што нейкі партызан у лесе знайшоў дзіця, пачуўшы плач. I прынёс яго ў лясны лагер, у якім людзі трымалі карову. Мама пабегла ў той лагер, знайшла мяне ўсю пакусаную камарамі.

Высвятлілася, што гэтым партызазанам быў мамін брат. Так я засталася жывой, хоць у лесе засталася адна амаль на два дні. З-за гэтага ў мяне не стала голасу. Калі мама мне пра гэта расказвала, вельмі плакала.

Пасля вайны ў нашай сям’і вырасла яшчэ семера дзяцей. Скончыўшы сямігодку мясцовай школы, пайшла працаваць у калгас. Я была старэйшая дачка сям’і, на мяне клаўся абавязак дапамагаць бацькам. У 1963 годзе пераехала ў Салігорск. Працавала прыбіральшчыцай на Першым калійным камбінаце. У 1964 годзе выйшла замуж, нарадзіла пяцярых дзяцей.

vasukevich 2

Зараз жыву з дачкою ў сваёй хаце ў вёсцы Чыжэвічы. Маю траіх унукаў i траіх праўнукаў. На бацькаўшчыне хата пустая, як і шмат другіх. Успамінаць пра мінулае страшна. Свой дзень нараджэння адзначаю ў маі".

Ад аўтара: гэта другі аповед ад мацяркоў, якім забаранялася забіраць з сабою дзяцей. У мястэчку Пагост Тамара Міхайлаўна Берасневіч па прыказу камандзіра партызан пакінула малое дзіця ў час уцёку ад немцаў, а калі вярнулася, то яно было мёртвым.

Гістарычная даведка: Вёска Даманавічы ў 1941 годзе налічвала 142 двары, 703 жыхароў. Сёння гэта паміраючая вёска.

Запісаў Уладзімір Амяльчэня