17 верасня 2016 года ў г. Любані адбудзецца ІІІ абласное свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”.
Гэты культурна-асветніцкі праект ладзіцца на Міншчыне адзін раз у два гады. Арганізатарамі свята з’яўляюцца Мінскі аблвыканкам, Любанскі райвыканкам і Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара М.Я.Фінберга.
У праграме абласнога свята: канцэрт камерных калектываў аркестра “Над ракой Арэсай. Мікалай Аладаў і яго паплечнікі” ў Сароцкім сельскім доме культуры, канцэрт эксклюзіўных музычных інструментаў (арфа, бас-кларнет, клавесін і інш.) у Любанскай дзіцячай школе мастацтваў, святочны канцэрт “450-годдзю Любані прысвячаецца!” з удзелам салістаў аркестра ў Парку культуры і адпачынку г.Любані.
У рамках свята адбудзецца ўручэнне пасведчанняў і канцэрт стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Мінскай вобласці.
Па інфармацыі Мінаблвыканкама.