Разнастайныя рэчы агульным коштам каля двух мільёнаў рублёў сабралі ў Салігорску за тыдзень актывісты грамадскага аб'яднання «Дом на скале». Усё сабранае было перададзена Салігорскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру (прыюту).
Калі спатрэбіліся дадатковыя грошы на ўтрыманне абяздоленых дзяцей у Салігорскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, яго супрацоўнікі пайшлі ў людзі. Адгукнуліся актывісты грамадскага аб'яднання «Дом на скале». Яны на працягу цэлага тыдня дзяжурылі пры ўваходзе ў магазін «Карзінка» (былы ўнівермаг №35 па вуліцы Заслонава) і тлумачылі людзям, што трэба дапамагчы дзецям неабходнымі матэрыяламі штодзённай патрэбы. І людзі адгукаліся. Яны куплялі розныя рэчы, неабходныя для пражывання, і пры выхадзе з магазіна складвалі ў спецыяльны кошык.
Актывісты грамадскага аб'яднання дзякавалі людзей за добрае сэрца. «Усяго было назбірана каля тысячы рэчаў на агульную суму каля двух мільёнаў рублёў,- расказала карэспандэнту „Кур'ера“ Ірына Волкава, загадчыца цэнтра. — Гэта былі розныя салфеткі, гумкі для мыцця посуду, пральныя парашкі, неабходныя рэчы асабістай гігіены, сшыткі, альбомы, алоўкі, аўтаручкі і многа другога, чаго так не хапала ў цэнтры».
Сёння ў Салігорскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры часова пражывае 23 дзіцяці розных узростаў.
З цягам часу нехта з іх вернецца дадому, калі ў бацькоў хопіць мужнасці пабароць «зялёнага» змея, лёс другіх будуць вырашаць мясцовыя ўлады. Але цэнтр ніколі не бывае пустым.
Уладзімір Амяльчэня
ДОБРАЕ СЭРЦА. Выходзячы з магазіна, людзі складвалі купленыя рэчы ў спецыяльны кошык. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Уладзімір Амяльчэня, Iнфа-Кур'ер