Зеляніна ўвесь год

Дзіва дзівоснае пасялілася на выміраючай вуліцы мястэчка Пагост, што на Салігоршчыне. Маладая сям'я купіла пустуючую хату. Сама па сабе такая пакупка не дзіва. Куплялі і раней. Дзівам стала тое, што сям'я мае кватэру ў горадзе, а на куплёным агародзе займаецца сельскай гаспадаркай: вырошчвае памідоры, моркву, капусту, цыбулю ды бульбу.

«Я працую ў горадзе дзяжурным электрыкам, маю вольны час, — гаворыць глава сям’і Іван Раўлушэвіч. — Вырошчванне агародніны застаўляе мяне заўсёды быць пры справе, а не соўвацца марна па вуліцы. Усё вырашчанае прадаецца праз магазіны „Радуга“ у Салігорску. Зімою сею цыбулю ў парніку. Праз тры тыднi пасля пасадкі зялёная цыбуля гатова да адпраўкі ў магазін».

 

Гаспадару дапамагаюць дзеці і жонка. Дачка Каця, вучаніца другога класа, з нецярпеннем чакае таго дня, калі з горада паедзе ў вёску. Яна самастойна рыхтуе да пасадкі цыбуліны, з цікавасцю назірае за ростам раслін, потым вырывае і пакуе зеляніну.

«Гэта больш карысна, чым праводзіць час перад тэлевізарам», — лічыць бацька.

Вясной сям'я Раўлушэвічаў плануе ўзяць яшчэ 2,5 гектары ворнай зямлі ў арэнду. Гаспадар мае трактар «Беларусь» і ўсе неабходныя прылады. «І для сябе карысць, і новым суседзям дапамагаю апрацоўваць агароды», — кажа Іван Раўлушэвіч.

Уладзімір Амяльчэня, Інфа-Кур’ер.