ХК Шахцёр не прайшоў у фiнал

 Сёння у межах 9-га розыгрыша Кубка Беларусі прайшоў усяго адзін матч, але вынік гэтага матчу мусіў вызначыць першага фіналіста турніру. Усе каманды, якія складаюць I падгрупу акрамя сённяшніх сапернікаў – менскага “Юнацтва” і салігорскага “Шахцёра” – страцілі нават тэарэтычныя шанцы пазмагацца за другі па значэнню беларускі трафей.
Улічваючы папярэднюю розніцу ў 2 ачкі падапечным Міхаіла Захарава было дастаткова не прайграць у асноўны час. Камандзе ж з Салігорску трэба было толькі перамагаць у асноўны час. Але ж менчукі адкрыўшы рахунак матчу на 15 хвіліне змаглі давесці гульню да авертайму. Салігорцы, перакідаўшы гаспадароў у першым перыядзе амаль што ў чатыры разы, так і не змаглі прабіць Сяргея Шабанава. Першую сваю шайбу яны закінулі толькі на сёмай хвіліне другога перыяду. З перадачы Аляксея Яфіменкі вызначыўся Яўген Кавыршын.

Давёўшы справу да дадатковай пяціхвілінцы, менчукі вырашылі сваю задачу на гэты матч – забяспечылі сабе месца ў фінале Кубку. Але ж максімалізм іхнага глаўкама Міхаіла Захарава заявіў пра сябе і тут. Маючы перавагу ў аднаго палявога гульца “Юнацтва” пайшло “ва-банк” пад самы фініш авертайму і пасля выдалення Яўгена Нагачова пакінула свае вароты пустымі. Але ж менскай камандзе не ўдалося, Андрэй Антонаў патрапіў у пустыя вароты, калі “Шахцёр” быў на пляцоўцы ўрох супраць пяці гаспадароў.

ЮНАЦТВА-МЕНСК – ШАХЦЁР (Салігорск) 1:2 (1:0, 0:1, 0:0, 0:1)
14.08.2009@18:30. Каток ХК “Юнацтва”, ? гледачоў.
СУДДЗІ: Максім Сідарэнка, Уладзімір Налівайка, Валерый Гацуля, Уладзімір Руф.
СКЛАДЫ:
ЮНАЦТВА: Окса; Люткевіч – Антонаў, В. Андрушчанка – Шафарэнка – Саўліеціс; Шведаў – Башко, Яфіменка – Задзялёнаў (к) – Кавыршын; Сушко – Шынкевіч, Дудзік – Кукушкін – Разанцаў; Каркоцкі – У. Міхайлаў. Галоўны трэнер: Андрэй Гусаў.
ШАХЦЁР: Шабанаў; Карэў – Шэлег, К. Захараў – Бараўкоў – Раманенка; Баранаў – Дзяніскін, Мацярухін – Сянькевіч – А. Цімчанка; Цішкін – Якімовіч, Баярскіх – Курылін – Сцяпанаў; Слыш (к) – Кітараў – Валуй. Галоўны трэнер: Міхаіл Захараў.
ГАЛЫ: 14:04 1-0 Сянькевіч (больш.); 26:29 1-1 Кавыршын (Яфіменка); 64:20 1-2 Антонаў (меньш., пуст.).
БРАМНІКІ: Шабанаў (63:26 – 97,37%) – Окса (62:36 – 96.88%).
КІДКІ: 32-39 (6-21, 11-10, 12-5, 3-3).
ШТРАФЫ: 24-20 (10-6, 4-4, 8-6, 2-4).
ЮНАЦТВА: Баранаў, Дзяніскін, Сцяпанаў – 4; Карэў, К. Захараў, Цішкін, Якімовіч, Раманенка, А. Цімчанка.
ШАХЦЁР: Антонаў – 6; Кукушкін – 4; Шафарэнка, Задзялёнаў, Люткевіч, Башко.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Сяргей ШАБАНАЎ (Юнацтва) – Міка ОКСА, Яўген КАВЫРШЫН (Шахцёр).

Апошнія гульні групавога этапу розыгрыша Кубку Беларусі пройдуць заўтра. Першымі на лёд выйдуць хакеісты наваполацкага “Хіміка-СКА” і магілёўскага “Хімвалакна”. Гэта сустрэча пачнецца а 13:00. Астатнія тры сустрэчы пачнуцца ўвечары а 17:00. З усіх трох сустрэч не маюць турнірнага значэння толькі матчы жлобінскага “Металурга” і бабруйскага “Шынніка”, а таксама ХК “Віцебск” і гарадзенскага “Нёмана”.

Ва ўсіх выпадках вынік будзе залежыць ад сустрэчы ХК “Гомель” і ХК “Брэст” і матчу ў Наваполацку. Каб патрапіць да фіналу “Рысям” трэба ня толькі выйграваць у берасцейцаў у асноўны час, але і чакаць перамогі навапалачан. Але ж ці выйграюць падапечныя Сяргея Пушкова, перад пачаткам матчу ў Брэсце будзе ўжо вядома. Магілёўцы таксама залежаць ад выніку матчу ў Брэсце. Ім для таго, каб патрапіць да фіналу, трэба ня толькі выйграваць у асноўны час, але і чакаць, што “Зубры” не зацягнуць вырашэнне адносінаў з “Гомелям” да дадатковага часу. А вось калі каманда Сяргея Ўсанава здабудзе перамогу, а Аляксандр Андрыеўскі не зможа ўпісацца ў адведзеныя 60 хвілінаў асноўнага часу, перамогу ў групавым этапе можа святкаваць менскі “Керамін”.

Такім чынам нам застаецца дачакацца заўтрашняга вечара і тады ўжо будзе канчаткова вядома хто выйдзе на лёд новай салігорскай арэны 19 жніўня, каб пазмагацца за Кубак Беларусі супраць менскага “Юнацтва”.

Нагадаем, што “Гомель” ужо чатыры разы (2001, 2003, 2004-травень, 2007) станавіўся ўладальнікам Кубку Беларусі, двойчы трафей даставаўся “Кераміну” (2002, 2008) і адзін раз яго выйгравала “Юнацтва” (2004-жнівень). “Хімвалакно” не было ўладальнікам Кубка ні разу.

 hockeyby.org

{mos_fb_discuss:2}