Кубак Беларусі: Металург – Шахцёр (рэпартаж з матчу)

 Падвышаная цікавасць да гульні быў выкліканы таксама і прыездам былых “металургаў” у складзе сённяшняга саперніка – салігорскага “Шахцёра”: Сяргея Зязюліна, Андрэя Башко, Каспарса Саўліеціса і Аляксея Яфіменка.

З самага пачатку гульні “краты” задалі паскораны тэмп, які з першых секунд падхапілі “сталёвыя ваўкі”. У выніку дынамічнай гульні, ужо на трэцяй хвіліне атакаваць вароты гаспадароў паспрабаваў Ілля Камбовіч, які выйшаў сам-насам з Аляксандрам Палукеевым, але гэты кідок так і застаўся нерэалізаваным. А вось гульцам “Металурга” ў гэтым плане пашчасціла больш. Пасля чарговага ўкідвання ў варот Сцяпана Гарачэўскіх, Павел Волчак аддаў дакладны пас Аляксею Круцікаву, з перадачы якога гэту пісьменную камбінацыю дзейсна завяршыў навабранец “Металурга” Юры Елісеенка. Але гульцоў “Шахцёра” такая сітуацыя зусім не задавальняла і ўжо праз хвіліну лік на табло выраўнаваўся. 

Паспрыяў гэтаму Сяргей Задзялёнаў з перадач Андрэя Башко і Ігара Шведава.
Смага перамогі прымусіла гульцоў “Шахцёра” з яшчэ большай сілай атакаваць вароты саперніка і ўжо на падыходзе да экватара першага перыяду пасля некалькіх няўдалых кідкоў ад сіняй лініі Андрэй Антонаў усёткі змог патрапіць у вароты Палукеева. Але і на гэтым “краты” не збіраліся спыняцца, і завалодаўшы ініцыятывай перавялі гульню пераважна ў зону саперніка. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. На трынаццатай хвіліне Палукееў ізноў убачыў шайбу ў сваіх варотах, якую дакладным кідком адправіў туды Віктар Андрушчанка з перадач Каспарса Саўліеціса і Вадзіма Сушко. Такая гульня Палукеева мабыць не ўладкавала галоўнага трэнера “Металурга”, у выніку чаго была зроблена змена брамніка. Абараняць вароты выйшаў Арунас Алейнікавас.

Гэтак жа як і “краты”, “ваўкі” былі наладжаны на перамогу. Скараціць парыў у рахунку пашанцавала абаронцу Агрысу Савіелсу з перадачы Віктара Блінова. Атрымаўшы колькасную перавагу на цэлых чатыры хвіліны, гульцы жлобінскай каманды няўдала спрабавалі замацавацца ў зоне саперніка, але так і не змаглі выкарыстаць гэты час з карысцю для сябе. Але як толькі склады зраўняліся, да фіналу першага перыяду, “металургі” усё ж такі зраўнялі лік у сустрэчы. З перадач Аляксандра Коўшыка і Мікіты Восіпава гэтым разам вызначыўся яшчэ адзін навабранец Ігар Каваленя.

Другі перыяд адразу ж пачаўся з вострых нападаў салігорцаў і ўжо праз 30 секунд Віктару Андрушчанка зноў пашчасціла распячатаць і другога галкіпера гаспадароў – Алейникаваса. Наперад і толькі наперад, замацаваць сваю перавагу рваліся гульцы “Шахцёра”. Зацятасць і нежаданне саступаць зрабілі сваю справу. Праз чатыры хвіліны шайба зноў апынулася ў варотах “Металурга”. Алейникавас, быўшы ўпэўненым у тым, што шайба затрымалася ў яго паміж шчыткоў, некаторы час заставаўся ў гэтым становішчы. Гэтым самым ён і збіў з толку сваіх жа партнёраў. Але шайбу, што згубілася ля варот “Металурга”, не разгубіўшыся, падхапіў Сауліеціс. Дакладным пасам ен аддаў перадачу Алегу Шафарэнка, які і аформіў галявы кідок. Перавага ў дзве шайбы толькі ўзмацніла жаданне “сталёвых ваўкоў” дагнаць саперніка і зноў атрымаўшы колькасную перавагу, гаспадары змаглі яе выкарыстаць для рэалізацыі галявога моманту. Абаронца Ігар Фёдараў з перадачы Віктара Блінова скараціў парыў у рахунку. Трыбуны раўлі… Жлабінчане чакалі ад сваіх улюбёнцаў толькі перамогі… І “ваўкі” гэта адчувалі! Усе сілы сыходзілі на напады саперніка. Гуляючы нават без клюшкі, Савіелс змог не толькі перашкаджаць саперніку, але і дапамог абараніць вароты, выкарыстоўваючы канькі замест клюшкі. А “Шахцёр”, адчуваючы ўзмоцнены напор з боку “Металурга” шчыльна трымаў абарону і не падпускаў блізка да сваіх варот.

У трэцім перыядзе была роўная гульня дзвюх каманд. Ініцыятыва належала то гульцам жлобінскай каманды, то гасцям з Салігорска. Час ішоў, а лічбы на табло не змяняліся. Напруга расла. Госці ўжо прадчувалі перамогу, да якой, здавалася, засталося ўсяго некалькі секунд. Вартавы варот “Шахцёра” Сцяпан Гарачэўскіх ужо паслабіўся, ужо знаходзіўся ў чаканні канчатка гульні, але за дванаццаць секунд да меркаванага канчатку матчу шайба ад удару Генадзя Савілава праляцела над галавой “шахцёрскага” брамніка. Сцяпан у здзіўленні толькі і паспеў падняць угару пастку, учапіўшы пры гэтым шайбу, тым самым мімаволі дапамог ёй трохі змяніць траекторыю палёту і патрапіць у вароты. Трыбуны узрадаваліся, а брамнік гасцей з падвышанымі эмоцыямі толькі і здолеў у здзіўленні некалькі разоў стукнуць клюшкай па лёдзе.

Гульня перайшла ў авертайм. “Краты”, якія зусім нядаўна знаходзіліся ў адносна паслабленым стане, у дадатковай пяціхвілінцы так і не змаглі узварушыцца і рабілі мноства грубых памылак. Увесь дадатковы час гульня праходзіла ў варот Гарачэўскіх, у “Металурга” было мноства галявых момантаў, якія так і засталіся нерэалізаванымі.

Булліты… Заўзятары скандуюць, чакаюць толькі перамогі! Брамнікі абедзвюх каманд штораз адбівалі ўсе кідкі. Адмысловай хвалы заслугоўвае адбіты Арунасом буліт у выкананні Саўліеціса. Захапленне на трыбунах быў проста неапісальным! Да перамогі “сталёвых ваўкоў” прывёў капітан каманды Аляксей Круцікаў! Адзіны, хто змог абгуляць галкіпера “Шахцёра”.

Не гледзячы на большасць скептычных прагнозаў на гэты матч, “Металург”, хай і не зусім упэўнена, але з добрай якасцю і зацятасцю атрымаў прыгожую перамогу.

МЕТАЛУРГ (Жлобиін) – ШАХЦЕР (Салігорск) 6:5 (бул.) ( 3:3, 1:2, 1:0, 0:0, 1:0)
10.08.2009@18:30. Лядовы палац “Металург”, 1900 гледачоў.
СУДДЗІ: Віктар Пляц, Валерый Жаглоў, Андрэй Гаўрыленка, Дзмітрый Корабаў.
СКЛАДЫ:
МЕТАЛУРГ: Палукееў (Алейнікавас, 12.31); Навіцкі – Крывамаз, Ложкін – Круцікаў (к) – П. Волчак; Дурноў – Валянцін, Каваленя – Восіпаў – Коўшык; І. Фёдараў – Савіелс, К. Брыкун – Бліноў – Савілаў; Коршунаў, Елісеенка. Галоўны трэнер: Яўген Лебядзеў.
ШАХЦЁР: Гарачэўскіх; Люткевіч – Антонаў, В. Андрушчанка – Шафарэнка – Саўліеціс; Башко – Шведаў, Дудзік – Задзялёнаў (к) – Кукушкін; Сушко – Шынкевіч, Яфіменка – Каркоцкі – Разанцаў; Кавыршын – Дрозд – Камбовіч; Нагачоў. Галоўны трэнер: Андрэй Гусаў.
ГАЛЫ: 03:40 1-0 Елісеенка (Круцікаў, П. Волчак); 04:31 1-1 Задзялёнаў (Башко, Шведаў); 09:08 1-2 Антонаў (Кавыршын, Шафарэнка); 12:31 1-3 В. Андрушчанка (Саўліеціс, Сушко); 13:06 2-3 Савіелс (Бліноў); 17:26 3-3 Каваленя (Восіпаў, Коўшык); 20:30 3-4 В. Андрушчанка (Саўліеціс, Шафарэнка); 24:19 3-5 Шафарэнка (Саўліеціс); 33:36 4-5 І. Фёдараў (Бліноў, Дурноў); 59:48 5-5 Савілаў (Каваленя, Навіцкі); 65:00 6-5 Круцікаў (раш. бул.).
БРАМНІКІ: Палукееў (00:00-12:31 – 76.92%); Алейнікавас (12:31-65:00 – 92.86) – Гарачэўскіх (00:00-65:00 – 82.14%).
КІДКІ: 28-41 (11-16, 9-14, 5-11, 2-0, 1-0).
ШТРАФЫ: 14-14 (8-6, 4-4, 2-2, 0-2).
МЕТАЛУРГ: Каваленя – 4, Крывамаз – 4, К.Брыкун, Валянцін, Бліноў.
ШАХЦЁР: Нагачоў – 4, Андрушчанка, Антонаў, Саўліеціс, Люткевіч, Кукушкін.
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Арунас АЛЕЙНІКАВАС, Віктар БЛІНОЎ (Металург) – Віктар АНДРУШЧАНКА (Шахцёр).

Андрэй ГУСАЎ (галоўны трэнер ХК “Шахцёр”):
- Я ўжо было падумаў, што ў авертайме завязём у вароты шайбу і на гэтым усё скончыцца. Таму што столькі памылак, колькі мы сёння сабе дазволілі, я не ўзгадаю за ўсю “перадсезонку”, за ўсе папярэднія матчы. Не ведаю ў чым прычына. Ці то так жлобінскія заўзятары падзейнічалі на маіх хлопцаў, ці то штосьці яшчэ – не разумею. У прынцыпе гульня атрымлівалася, праглядаўся нейкі малюнак, але вось гэтыя грубейшыя памылкі, і ў фінале проста мой злы рок – Генадзь Савілаў “хавае” мяне другі сезон запар. Хоць шайба здаецца ляцела вышэй варот.

У нас засталося два матчы. Для таго каб патрапіць у фінал нам трэба ў абодвух выйграваць. Віншую калегу з перамогай і думаю, што старт сезону ў Жлобіне атрымаўся на славу, народ ладна павесяліўся.

Яўген ЛЕБЯДЗЕЎ (галоўны трэнер ХК “Металург”):
- Папярэдні наш матч выклікаў значаны аптымізм. Другі перыяд супраць “Юнацтва”, ды і трэці мы згулялі годна. І вось сёння, калі б не праблемы ў абароне, то ў нападзе мы ўжо неяк чапляемся. А калі так, гэта значыць і ўдача ёсць. У Гродне нам не пашанцавала, прапусцілі на апошніх хвілінах, а тут атрымалася наадварот. Ну а булліты вы бачылі – гэта ўсё для гледачоў.

Мушу адзначыць брамніка: Алейнікавас увайшоў у гульню пры рахунку 1:3 і з яго дапамогай мы змаглі выцягнуць матч. Дзве гульні з яго ўдзелам у “перадсезонцы” – дзве перамогі. Можа стаць асноўным брамнікам на дадзены момант.

Аксана КАЗЛОВА, Iнфармацыйнае агенцтва "Сусветны хакей"

  {mos_fb_discuss:2}