Кампанія “Velcom” і Міністэрства адукацыі Беларусі ўжо два гады праводзяць адукацыйны праект “Чытаем па-беларуску з velcom”. Вядомыя беларускія пісьменнікі, дзеячы культуры і спорту наведваюць розныя гарады Беларусі і даюць урокі беларускай мовы і літаратуры.
Пастаянныя “настаўнікі” праекта – пісьменніцы Раіса Баравікова, Алена Масла і Наталля Бучынская, акцёр і вядучы Юры Жыгамонт, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі.
Да салігорскіх школьнікаў прыехалі Баравікова і Жыгамонт. Тут да іх далучыўся паэт з Салігорску Федар Гурыновіч. Разам яны правялі заняткі ў школах №3, 4, 14 і гімназіі №1. Апошні ўрок для вучняў 2-га і 3-га класа гімназіі прайшоў у музеі ААТ “Беларуськалій”.
На ўроку Юры Жыгамонт павітаўся з дзеткамі і распавёў ім аб тым, што ў гэтым годзе спаўняецца 500 гадоў першай друкаванай беларускай кнізе. Пісьменнікі пачыталі свае творы, пагулялі з дзецьмі ў загадкі.
Падтрымка дзяцей і развіццё беларускай ідэнтычнасці – гэта карпаратыўныя стратэгіі кампаніі “Velcom”, якая ініцыявала праект. На Міншчыне праект рэалізуецца пры падтрымцы упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Юры Жыгамонт – аўтар і вядучы тэлепраграммы “Падарожжа Дылетанта”, які і ў паўсядзённым жыцці карыстаецца беларускай мовай. Таксама ён акцёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.
Аддзел навін "Электроннага Салігорска"