Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 года. Яму было 79 гадоў. Пахаванне Барадуліна прызначана на аўторак. Народнага паэта Беларусі пахаваюць ва Ушачах, побач з магілай маці.
Развітанне з Рыгорам Барадуліным адбудзецца таксама ў аўторак у Чырвоным касцёле ў Мінску. Пачатак - 9.45.
Нарадзіўся 24 лютага 1935 года, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць.
Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданнях (сярод іх - газета "Советская Белоруссия", часопісы "Бярозка", "Полымя"), а таксама ў выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". У выдавецтве "Мастацкая літаратура" працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
Пачаў друкавацца з 1953 года, першыя вершы былі змешчаныя ў газеце "Чырвоная змена". Першы зборнік паэзіі - "Маладзік над стэпам" - выйшаў у 1959 годзе.
Да 25-годдзя пантыфікату папы Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі папы рымскага Яна Паўла II "Рымскі трыпціх" і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты". Зборнік "Руны Перуновы" (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
Пераклаў на беларускую мову п'есу "Вей, вятрок!" Яна Райніса (1980), зборнікі твораў "Блакітны звон Грэнады" Гарсія-Лоркі (1975), "Мелодыя каліны" Івана Драча (1981), "Ветраліст" Габрыелі Містраль (1984), "Рубаі" Амара Хаяма (1989); "Слова пра паход Ігараў" (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэкспіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава, С. Вальеха і інш.
Рыгор Барадулін - апошні беларус, якому надалі званне "Народны паэт" (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў "Рум" і пераклады з Федэрыка Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам "Знак Пашаны", латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 года) і медалём Францыска Скарыны. Барадулін з'яўляецца ганаровым доктарам БДУ, ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна.
У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў "Ксты").
TUT.BY