"Мова Нанова" у Салігорску: мілагучная родная мова, сустрэчы з цікавымі гасцямі і прыгожыя беларускія песні

Лічыце беларускую мову роднай, але саромеецеся, што недастаткова добра ёй валодаеце? Ці проста не маеце з кім пагаманіць на нашай мілагучнай мове? Заўжды было цікава, што такое "карункавая бялізна", "вясельная паштоўка" ці "чароўны трусік"? Хацелі б навучыць сваіх дзетак беларускай мове? А можа вы хацелі б бясплатна паслухаць "Троіцу" і пагутарыць з папулярным пісьменнікам Віктарам Марціновічам? Ці можа пачуць захапляючы расповед свайго земляка пра падарожжы ў Індыю, Іран і Кітай? У такім разе бясплатныя курсы беларускай мовы "Мова Нанова" – гэта тое, што вам трэба!

Заснаваныя ў 2014 годзе ў Мінску, курсы "Мова Нанова" імкліва распаўсюдзіліся па ўсёй краіне, і ў дадзены момант аб'ядноўваюць 15 беларускіх гарадоў. З канца 2017 году заняткі праводзяцца і ў Салігорску. Штотыдзень дзясяткі неабыякавых салігорцаў збіраюцца, каб паднавіць свае веды беларускай мовы, паслухаць запрошанага госця і атрымаць асалоду ад музычнай хвілінкі на роднай мове. Адметнасцю курсаў у шахцёрскай сталіцы зʼяўляецца тое, што вельмі часта на іх выступаюць нашыя землякі, якія распавядаюць пра свае далёкія вандроўкі, пра незвычайныя хобі, пра сваю працу і бізнес-праекты. Менавіта таму "Мова Нанова – Салігорск" – гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з цікавымі і апантанымі салігорцамі. Ужо ў гэты чацвер, 18 красавіка, можна будзе пачуць пра вялікую азіяцкую вандроўку вядомага падарожніка з Салігорска, які наведаў больш 50 краінаў свету.

afisha

Апроч заняткаў ладзіцца багата цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, у мінулую суботу "мовананоўны дэсант" пасадзіў амаль тры гектары лесу ў Капацэвіцкім сельсавеце Салігорскага раёна. Добра працуеш – добра адпачываеш, таму пасля ўдарнай працы нас чакаў цёплы прыём ад мясцовых жыхароў. Супольна з сямейным цэнтрам "Летамка" ладзяцца адмысловая заняткі для дзетак. Таксама, сіламі апантаных "мовананоўцаў" арганізоўваюцца канцэрты беларускіх выканаўцаў. Так, у наступную суботу, 27 красавіка, чакаем у Салігорску "Разбітае Сэрца Пацана".

mn

movanova 3

movanova 6

movanova 7

movanova 10

movanova 14

movanova 20

movanova 21

Таму, калі вам неабыякавая беларуская мова, калі вы хацелі б завесці цікавых сяброў і зрабіць штосьці карыснае для нашага гораду – Мова Нанова гэта тое, што вам трэба! Чакаем вас кожны чацвер у 18.30 у пабе "Руды Патрык", вул. Заслонава 63. Усе заняткі бясплатныя.

movanova 19

Не саромцеся, калі вы зусім не гаворыце па-беларуску. Усе мы з гэтага пачыналі. У нас вы знойдзеце паплечнікаў і аднадумцаў. Памятайце, што:
"Няхай цераз слова памылка,
Няхай ты не ведаеш сэнсу,
Нічога, нічога, мой дружа,
Галоўнае – мова ў сэрцы!" (с)

*Пасведчанне аб рэгістрацыі ў Міністэрстве Юстыцыі №192385028 ад 27.11.2014