до службы я был таким же сторонником мнения о том, что в армии беспредел, неуставняк и стройка генеральских дач.
-------------------------------------
Сучасная тэрміновая служба — гэта ўзаконеная магчымасьць працяглай ізаляцыі маладых людзей з мэтай выкарыстаньня іх фізычнай сілы для працы. Піша Зьміцер Жалезьнічэнка з нагоды зьняволеньня Вячоркі, Шылы і Хведарука.
Я, Жалезьнічэнка Зьміцер, сябра Партыі БНФ, ад 25 студзеня 2008 году вайсковец тэрміновай службы, выказваю словы падтрымкі гвалтоўна забраным у войска ў студзені 2009 году Франаку Вячорку, Івану Шылу, Зьмітру Хведаруку, іх сем’ям ды блізкім людзям.
Асуджаю дзеяньні дзяржаўных СМІ, у прыватнасьці «Беларускай вайсковай газэты», газэты «СБ. Беларусь сегодня», Першага нацыянальнага каналу тэлебачаньня за перадузятае, неаб’ектвўнае ды наўпрост ілжывае асьвятленьне падзеяў вакол моладзевых актывістаў,
забраных у войска ў абыход закону цягам гэтага ды мінулага году.
У той жа час выказваю падзяку незалежным мэдыям за ўсебаковае, хуткае ды слушнае асьвятленьне сытуацыі.
Пасьля году, праведзенага ў салдатах, сьцьвярджаю, што сучасная тэрміновая служба ў беларускім войску ня ёсьць сродкам абароны краіны. Па сутнасьці, тэрміновая служба ў Беларусі – гэта ўзаконеная магчымасьць працяглай ізаляцыі маладых людзей з мэтай выкарыстаньня іх фізычнай сілы для працы.
Салдаты ў войску займаюцца ў асноўныя не «баявой вучобай з мэтай атрыманьня вайскова‑ўліковай спэцыяльнасьці», а цяжкай фізычнаю працаю, якая не патрабуе глыбокіх ведаў.
Памежнікі ахоўваюць мяжу, унутраныя войскі патрулююць вуліцы ды ахоўваюць арыштаваных, транспартныя войскі праводзяць чыгунку ды займаюцца будаўніцтвам.
Шмат салдацкага часу ў гэтых ды іншых вайсковых фармаваньнях ідзе на гаспадарчыя працы з мэтаю падтрымаць нежыцьцяздольныя вайсковыя гарадкі.
Насамрэч карысныя веды атрымліваюць адзінкі. А баявой вучобай увесь час займаюцца хіба салдаты падразьдзяленьняў спэцапэрацыяў. Але астатнія хлопцы проста працуюць, то бок робяць тое, што павінны рабіць за грошы ды па ўласным жаданьні, як працуюць разам зь імі вайскоўцы на кантрактах. Праз гэта прэстыж вайсковая служба нівэляваны, што б ні казалі на гэты конт палкоўнікі зь Міністэрства абароны.
Беларускае войска адрозьніваецца вельмі нізкім узроўнем побыту салдатаў. Пры гэтым
адсутнасьць гарачай вады, немагчымасьць прасушыць узімку абутак ды вопратку, нярэдкія халады ў памяшканьнях тлумачацца неабходнасьцю загартоўваньня маладых воінаў.
Лыжка вадкага бульбянога пюрэ называецца збалансаваным харчаваньнем, а 22 тысячы рублёў на месяц лічацца сумаю, дастатковай, каб пакрыць усе выдаткі маладога чалавека. Праца ў нядзелю ды нарады на выходных, якія ніяк не кампэнсуюцца,
адсутнасьць звальненьняў тлумачыцца неабходнасьцю падтрыманьня баяздольнасьці падразьдзяленьняў.
Гэты сьпіс можна працягваць бясконца.
Нягледзячы на тое, што ў войску лепшыя, чым у турме, магчымасьці кантактаваньня з блізкімі ды троху лепшае харчаваньне, тут захоўваюцца ўсе асноўныя прыкметы турэмнага ладу. Найперш войска характарызуецца пазбаўленьнем волі.
Так, вялікая колькасьць вайскоўцаў мае магчымасьць наведаць родны дом толькі адзін раз за паўтара гады – падчас адпачынку (скарочанага ў мінулым годзе да 10 дзён). Гэта пры тым, што вайсковую павіннасьць салдаты адбываюць недалёка ада дому, у межах некалькіх гадзінаў язды цягніком. Яшчэ пару разоў хлопцы могуць на некалькі гадзінаў выйсьці ў горад. Наколькі я ведаю, «на хіміі», дзе сядзяць крымінальнікі, з гэтым прасьцей. А войска ж – гэта ганаровы абавязак, а не пакараньне за злачынства.
Замкнёнасьць вайсковага жыцьця ды крымінальная адказнасьць за невыкананьне загадаў правакуюць сталыя зьдзекі з вайскоўцаў тэрміновай службы ды выкарыстаньне апошніх для выкананьня патрэбаў камандзіраў. Цікава, што сказаў б Элвіс Прэсьлі ці прынц Чарльз, каб самым ласкавым зваротам да іх было слова «малпа», а большасьць часу яны праводзілі б, корпаючыся віламі ў сьмецьці ці наразаючы сьнег роўнымі кубікамі…
Узьнімаць жа гэтыя ды іншыя праблемы большасьць хлопцаў проста баіцца.
У дачыненьні да «ненадзейных» вайскоўцаў да вышэйпералічанага можна дадаць сталы кантроль з боку КДБ ды іх памагатых, абмежаваньне наведвальняў ды тэлефанаваньняў, ператрусы асабістых рэчаў ды пэрлюстрацыю пошты.
Такім чынам, мой вайсковы досьвед дазваляе мне сьцьвярджаць, што прымусовае накіраваньне ў войска моладзевых актывістаў у абыход закону ды ўвогуле інстытутам тэрміновай службы ў сучаснай Беларусі ёсьць не стварэньнем ўмоваў для выкананьня хлопцамі канстытуцыйнага абявязку, але формаю ізаляцыі, якая павінна быць скасаваная ў найхутчэйшыя тэрміны.
Зьвяртаюся да беларускіх ды міжнародных праваабарончых арганізацыяў з просьбаю пра наданьне Франаку Вячорку, Івану Шылу і Зьмітру Хведаруку статусу палітзьняволеных ды вязьняў сумленьня.
Канстатую, што відавочныя рэпрэсіі – арышты, зьбіцьцё, ілжывыя ды супярэчлівыя вынікі мэдычных абсьледаваньняў, закрыцьцё ў войску ў абыход закону ў дачыненьні да актывістаў Моладзі БНФ ды Маладога Фронту яскрава сьведчаць, што шырока абвешчаная лібэралізацыя ў Беларусі не адбываецца. Усе захады, якія робіць існы рэжым для паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам, ёсьць бутафорыяй.
(з невялікімі скаротамі)
Зьміцер Жалезьнічэнка, 1 лютага 2009, Жлобін
http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=23582